VІІ
"Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет,
Не такую задумаў ты думу, —
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п'яныя шумы.
Скурганіў бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.
Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, —
Не скуеш толькі дум ланцугамі.
Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,
Б'е ад сцен-цэгел ледам зімовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
І душу — як скляпоў гэтых сховы.